Воскресенье 21.10.2018


Усё геніяльнае -- проста, а цікавае – побач



 
 
 
21 жніўня, нядзеля, ранак, як звычайна, я на працы: жывы эфір, праект “Раніца ў нядзельку” на радыё “Сталіца”. Настрой добры, надвор’е больш-менш, слухачы адклікаюцца, агрэсіўных няма. Карацей – пазітыў.
12 гадзін дня. Скончыўся эфір. Пакідаю студыю, іду ў кабінет. Некалькі прапушчаных званкоў на тэлефоне. Перазвоньваю: праз гадзіну едзем у Заслаўе.
Перадгісторыя. Неяк з сяброўкай мы задумалі невялічкі ваяж у Заслаўе. Вельмі хацелася апрабаваць новую электрычку. Думаю, усе чулі пра “Гарадскія лініі” і ўсім вядома, што з Мінска да Заслаўя можна зараз даехаць швейцарскімі саставамі – прыгожымі і камфортнымі. Запланавалі падарожжа на нядзелю, 21 жніўня.
Пакуль я гутарыла ранкам у эфіры са слухачамі, наша кампанія вырасла. І ехаць вырашылі ўсё ж на аўто, прычым упяцярых.
Надвор’е, між тым, сапсавалася: імжа туманіла. А мы -- у Заслаўе. Пры мне -- рэпарцёр.
Што адметнага і вартага ўвагі ў Заслаўі, мы прыкладна ведалі. А ўвогуле вырашылі дзейнічаць па сітуацыі і самі шукаць цікавае. І, я вам скажу, доўга шукаць не прыйшлося.
Па дарозе да касцёла ля аднаго з дамоў (прычым, адразу было відаць, што гэта не жылая пабудова, а ўстанова) заўважылі групу людзей, якія актыўна нешта абмяркоўвалі. Аказалася, гэта будынак Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” і там у самым разгары была прэзентацыя выставы калекцыі музычных інструментаў Івана Кірчука і этна-трыа “Троіца”.
Пакінуўшы аўто і паблукаўшы крыху па цэнтры горада, мы завіталі ў музей. На афішы было пазначана, што ладзіцца выстава-канцэрт “Варажбіт. Працяг”.
Народу было шмат, прычым розных узростаў: ад малышоў да пажылых. І да Кірчука, які іграў на розных інструментах і распавядаў пра іх, прабіцца было немагчыма. Таму я вырашыла спачатку падысці да дырэктара музея і пагутарыць з ім.
Праз пэўны час канцэрт скончыўся. І публіка пачала задаваць Івану Кірчуку пытанні. У мяне яны таксама былі, але я дачакалася, пакуль аўдыторыя здаволіцца. Такім чынам, у перапынку мы з Іванам Іванавічам уладкаваліся на канапцы пад лесвіцай і пагутарылі пра імпрэзу і музыку.
Трэба сказаць, што прэзентацыя выставы калекцыі музычных інструментаў Івана Кірчука і этна-трыа “Троіца” была адметная эксперыментамі, як і любы канцэрт этна-трыа. Падчас выступленняў музыкі выкарыстоўвалі дудкі і акарыны, гуслі, ліры, смыкі з Беларусі, Малдовы, Славеніі, Расіі, Галандыі, афрыканскія чароткі і бонгі, нямецкія цытры і домры, турэцкі сас і барабан, балгарскую гайду. І гэта няпоўны пералік.
 Да таго ж, у другой зале можна было пабачыць экспанаты самога музея і нават пачаставацца.
Бясспрэчна, прэзентацыя ўдалася!
Дарэчы, адметныя музычныя інструменты з калекцыі Івана Кірчука і этна-трыа “Троіца” можна пабачыць у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе” па 30-е верасня. Таму не прапусціце. Сапраўды ёсць на што паглядзець.
Калі ж завітаеце ў Заслаўе, не прапусціце і яшчэ адно цікавае месца. Гэта этнаграфічны комплекс “Млын”. Паравы млын у Заслаўі – самабытны помнік мукамольнай вытворчасці пачатку XX ст. Вам пашчасціць наведаць унікальную экскурсію па млыне. Унікальная яна найперш дзякуючы экскурсаводу Канстанцыі Шаховіч. Вельмі таленавіты і захоплены сваёй справай чалавек, да таго ж, з выдатным пачуццём гумару. Ад яе не хацелася з’язджаць. А толькі слухаць, слухаць, бясконца слухаць аповеды пра мінулае і сучаснасць.
Дарэчы, у Заслаўе мы абяцалі вярнуцца, бо не ўсё паспелі паглядзець. І ўвогуле вырашылі працягваць практыку такіх спантанных вандровак па Беларусі.
Час правялі проста выдатна! Чаго і вам, сябры, жадаю!
Бярыце вопыт на заметку.
А для таго каб і вы адчулі энергетыку таго месца і харызму экскурсавода, прапаную вашай увазе маю гутарку з Канстанцыяй Шаховіч.
 

You may need: Adobe Flash Player.

12345

Комментарии

Шаноўная Вераніка! З вялікім

Шаноўная Вераніка! З вялікім задавальненнем сачу за вашым вашым блогам. Дзякуй за выдатную нататку і за магчымасць пачуць інтэрв'ю з такой цікавай, неардынарнай асобай! Вы цудоўна валодаеце Словам. Вельмі прыемна, што ёсць сапраўдныя патрыёты, якія дбаюць пра лёс роднай мовы і культуры. Жадаю вам поспехаў! Аньця К.

12345

Аньця, у сваю чаргу, і вам

Аньця, у сваю чаргу, і вам вялікі дзякуй! Рада, што набыла пастаяннага прыхільніка. Буду і далей дзяліцца цікавымі і прыемнымі падзеямі ў сваім творчым жыцці.

12345