Среда 18.07.2018


Блог пользователя Наталля Буландо


Наталля Буландо

Наталля Буландо → Аўсянка

Сёння, калі я ішла на працу, мне проста пад ногі звалілася аўсянка. Маленькая жоўтая птушачка. Падышоў наш вадзіцель, Міхаіл Пятровіч, крануў яе чарвікам і сказаў "Адляталася...". Нібы ў адказ на гэта птушачка слаба тарганула крылом. Тут ужо я асмялела і ўзяла яе на рукі. Як яна ўчапілася ў мае пальцы сваімі маленькімі кіпцюрыкамі! Вырашылі падсадзіць птушаня на елку - больш нічога ў нас перад уваходам у Дом Радыё не расце, а пераносіць птушаня далёка не рэкамендуецца магчыма, бацькі яшчэ дакармліваюць яго.


Наталля Буландо

Наталля Буландо → Падарунак з Японіі.

Уявіце сабе - мне паабяцалі прывесці падарунак з Японіі! Нарыне Шахназаран, дацэнт кафедры гісторыі замежнай літаратуры БДУ, едзе туды на канферэнцыю, прысвечаную - каму б вы думалі? - Кітсу! Нарынэ Мартыросаўна - спецыяліст па еўрапейскай літаратуры. Дзякуючы яе дапамозе ў нашым "Горадзе жанчын" паўсталі партрэты Джэйн Остын, сёстраў Бронтэ, Мэры Тай і Мэры Робінсан. Пра дзьвюх апошніх я нават і не чула раней - гэтымі пісьменніцамі васямнаццатага стагоддзя даследчыкі зацікавіліся нядаўна.


Наталля Буландо

Наталля Буландо → Ці любіце вы падарожжы?

Па дарозе на працу я перасякаю чыгуначныя рэйкі - у раёне прыпынка "Мінск Усходні" - нос мне казыча водар дарогі, вушы лашчыць грукат колаў - я праводжу зайздрасным позіркам цягнікі і электрычкі. І аднойчы не вытрымліваю - раздрукоўваю бланк камадзіровачнага пасведчання і еду куды-небудзь. Якое гэта шчасце - выйсці на незнаёмым вакзале і адчуць сябе Калумбам, што ступае на невядомую зямлю! Прабачце мне празмернасць літаратурных параўнянняў - пастмадэрнізм, нікуды ад яго не схавацца. Вось напрыклад: як выглядае беларускі Адысей?